ЦЭНТРА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т КПБ (ЦК КПБ),

вышэйшы калектыўны кіруючы орган Камуністычнай партыі Беларусі паміж з’ездамі ў 1924—91. Выбіраўся з’ездам КПБ у складзе членаў і кандыдатаў у члены ЦК. У сваёй дзейнасці кіраваўся Праграмай і Статутам Камуністычнай партыі Савецкага Саюза, рашэннямі з’ездаў КПСС і КПБ, пленумаў ЦК КПСС. Да ўтварэння ЦК вышэйшымі кіруючымі органамі Кампартыі рэспублікі былі Цэнтр. бюро КП(б)Б, ЦК КП(б)ЛіБ, Часовае Беларускае бюро ЦК РКП(б). ЦК КПБ узначальваў усю дзейнасць рэсп. парт. арг-цыі, арганізоўваў выкананне дырэктыў ЦК КПСС, кіраваў абл., гар., раённымі парт. арг-цыямі, ажыццяўляў падбор і расстаноўку кіруючых кадраў. ЦК КПБ фактычна кіраваў работай усіх органаў і грамадскіх арг-цый, вырашаў усе гал. пытанні дзярж. і грамадскага жыцця Беларусі. Праводзіў не менш як 1 пленарнае пасяджэнне ў 4 месяцы; паміж пленумамі дзейнічалі Бюро і Сакратарыят ЦК КПБ, якія выбіраліся ЦК КПБ.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 17, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)